Карла Барамэа, або Карл (Караль) Барамэй (італ.: Carlo Borromeo, лац.: Carolus Borromeus) — кардынал і сьвяты каталіцкай царквы. Адзін з самых выдатных дзеячаў Контррэфармацыі, ініцыятар рэформы манаскіх ордэнаў.
Нарадзіўся 2 кастрычніка 1538 г. на поўначы Італіі ў сям’і графа Барамэа. У 14 гадоў распачаў вывучаць права ў Падуанскім унівэрсытэце і пасьля заканчэньня вучобы атрымаў ступень доктара. Калі дзядзька Караля кардынал Медычы быў абраны Папам Піем IV, ён прызначыў свайго 22-гадовага пляменьніка кардыналам-дыяканам і сваёю даверанаю асобаю, а таксама даручыў яго апецы Міланскую архідыяцэзію.
![]() |
XVII ст. Карла Барамэй. Надпіс — S CAROLUS BO. З іншага боку — манаграма Езуса Хрыста IHS. Памер: 26*18 мм. З калекцыі Руслана Равякі |
У той час Караль не меў ані тэалягічнай адукацыі, ані сьвятарскага пасьвячэньня. З 1554 вывучаў права ў Павіі. Быў закліканы ў Рым Піем IV. У 1560 стаў кардыналам, у 1563 — архібіскупам міланскім.
У 1566 г. Караль нарэшце перабраўся ў сваю дыяцэзію са сталіцай у Мілане.
На працягу двух наступных дзесяцігодзьдзяў ён разгарнуў актыўную дзейнасьць і набыў вялікі аўтарытэт у вачах духавенства і эпіскапату. Караль Барамэй аддаваў усе свае сілы, узьнімаючы дыяцэзію з заняпаду і ажыўляючы рэлігійнасьць вернікаў: засноўваў духоўныя сэмінарыі, праводзіў шматлікія сыноды, падтрымліваў місыянерскую дзейнасьць кляштараў. Падчас працяглай эпідэміі чумы Караль Барамэй сам клапаціўся пра хворых і паміраючых, жывучы амаль выключна на хлебе і вадзе.
У 1578 годзе заснаваў ордэн аблатаў Сьв. Амвросія. Прыняў актыўны ўдзел у распрацоўцы набажэнскіх кніг амврасіянскага абраду. Змагаўся з пратэстанцтвам у Швэйцарыі. Карла Барамеа быў таксама заступнікам кампазытара Палестрыны.
Адзін з першых ён увёў у сваёй дыяцэзіі рэформы Трыдэнцкага Сабору, даўшы прыклад разважлівага іх прымяненьня іншым герархам. Браў удзел у распрацоўцы новага катэхізіса. Высока шанаваў багаслоўскія трактаты Луіса дэ Гранады, прасіў перад Папам пра іх апраўданьне (яны былі ўнесены ў Індэкс забароненых кніг, 1559).
Зьнясілены самаахвярным служэньнем, памёр 3 лістапада 1584 г. у Мілане, маючы толькі 46 гадоў. У яго пахаваньні бралі ўдзел натоўпы вернікаў, якія шчыра аплаквалі свайго пастыра.
Караль Барамэй быў пахаваны ў міланскай катэдры, дзе яго рэліквіі спачываюць да сёньняшняга дня.
![]() |
Сьвяты Мікола з Таленціна S.NIC.D.TOL. / Сьвяты Караль Барамэй S.CA.BO. Дыямэтар 16 мм |
Прызнаньне
У 1602 быў бэатыфікаваны, у 1610 — кананізаваны. Гэта адзіны кардынал-пляменьнік, прылічаны да ліку сьвятых (калі не лічыць Ансельма з Лукі, які жыў у XI стагодзьдзі).
![]() |
Мэдалік да Юбілейнага 1625 году. Рым. З другога боку – Сьвяты Караль Барамэй. Дыяметр: 19*14 мм без вушка. З калекцыі Руслана Равякі. |
Заступніцтва
Сьвяты зьяўляецца апекуном душпастыраў і сэмінарыстаў, у яго просяць паратунку ад заразы. Таварыства імя сьв. Караля Барамэя займаецца распаўсюдам рэлігійнай літаратуры.
Успамін
Успамін: 4 лістапада
Іканаграфія
У іканаграфіі ён адлюстроўваецца ў кардынальскім ці біскупскім адзеньні, часам у сцэне ўдзяленьня першай сьвятой Камуніі Алаізію Ганзага ў 1580 годзе.
Беларускія абразы
Творы з выявай сьв. Карла Барамэа шырока прадстаўлены ў заходнеэўрапейскім мастацтве, аднак у касьцёлах Беларусі такія абразы зафіксаваны толькі двойчы. Найбольш значным зьяўляецца абраз з Ашмянскага раёну Гарадзенскай вобласьці.
Сьвяты прадстаўлены ў кардынальскім аблачэньні, укленчаным перад амбонам у саборы з магутнымі калёнамі. Яго правая рука прыціснутая да грудзей, позірк скіраваны на расьпяцце, якое Карла трымае ў левай руцэ. Гэтай жа рукой ён абапіраецца на столік, дзе ляжаць раскрытая кніга і кардынальская шляпа. З верхняга левага вуглу, дзе знаходзяцца выявы анёлкаў на аблоках, на Карла Барамэа сыходзіць залацістае ззяньне.
Беларускія храмы ў гонар Карла Барамэа
8 верасня 1884 года у Пружанах новы касьцёл быў асьвечаны пад тытулам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, сьв. Ганны і Сьв. Карла Барамэа. Касьцёл існуе дагэтуль.
У Пінску таксама існаваў касьцёл Сьвятога Карла Барамэа. Гэты храм быў пабудаваны ў 1782 годзе. Дадзены касьцёл зусім невялікі, але пры гэтым яго зьнешні выгляд дзівіць сваёй манумэнтальнасцю і надоўга адкладаецца ў памяці турыстаў і падарожнікаў. У наш час у выдатна адрэстаўраваным будынку гэтага храма разьмяшчаецца канцэртная заля.
Літаратура
Рэдкія сюжэты ў іканапісу Беларусі (частка 6)