суббота, 24 августа 2024 г.

Крыж Сьвятога Бэнэдыкта

 

Крыж Сьвятога Бэнэдыкта, Мэдальён Сьвятога Бэнэдыкта — каталіцкая сакрамэнталія, якая зьмяшчае сымбалі і надпісы, зьвязаныя з жыцьцём сьвятога Бэнэдыкта Нурсійскага (на авэрсе), а таксама Крыж зь першымі літарамі словаў з малітвы аб экзарцызьме (рэвэрс).

Крыж сьвятога Бэнэдыкта, XVIII ст. З калекцыі Руслана Равякі

Звычайна ён вырабляецца ў выглядзе невялікага мэдаліка, прызначанага ў асноўным для нашэньня на шыі, але часам сустракаюцца і вялікія мэдалі і мэдальёны, падвешаныя на сьценах або разьмешчаныя ў розных месцах як аб’ект рэлігійнага культу. Можа быць таксама элемэнтам ружанцу.

Выкарыстоўваецца прынамсі з XVII стагодзьдзя. Павінен прыносіць мноства ласкаў і дабраславеньняў, у тым ліку прадухіліць духоўныя і фізычныя небясьпекі, асабліва зьвязаныя зь вядзьмарствам, атручваньнем і спакусай сатаны.

Гісторыя і паходжаньне

Паводле некаторых традыцый гэты мэдаль паходзіць з тых часоў, у якія жыў сьв. Бэнэдыкта. У цэлым, аднак, ён стаў вядомы ў XI стагодзьдзі дзякуючы цудоўнаму аздараўленьню маладога чалавека, якога ўкусіла зьмяя. Ніякія лекі не дзейнічалі, і пацыент ужо быў у агоніі. Потым у сьне ён убачыў старога, у якім пазнаў сьв. Бэнэдыкта. Сьвяты дакрануўся да сваёй раны з крыжам у руцэ, і хвароба зьнікла бязь сьледу. Неўзабаве гэты чалавек стаў манахам, і пазьней узышоў на папскі трон як Леў IX, а пасьля сьмерці таксама быў абвешчаны сьвятым. Ён прапагандаваў культ сьв. Бэнэдыкта.

У XII стагодзьдзі ў Баварыі некалькі жанчын былі арыштаваныя за вядзьмарства, іх абвінавачвалі ў спробах нанясеньня шкоду жыхарам Натрэмбергу. Падчас суду яны казалі, што іх магічныя дзеяньні супраць Метэнскага кляштара былі зусім неэфэктыўнымі, бо манахі разьмясьцілі мэдаль сьв. Бэнэдыкта. У выніку іх працэсу ўзрос культ мэдаля з выявай сьв. Бэнэдыкта з крыжам у руцэ.

Выгляд мэдаліка

Папа Бэнэдыкт XIV у 1742 годзе ў дакумэнце ў форме папскага брэвэ зацьвердзіў выявы і тэксты, якія павінны быць зьмешчаны на Крыжы сьвятога Бэнэдыкта.[1].

На авэрсе мэдальёну, паводле папскага брэва, знаходзіцца выява сьв. Бэнэдыкта.

  • Манах апрануты ў манаскі строй з капюшонам.
  • У правай руцэ манах трымае крыж, а ў левай — кнігу, статут Ордэну.
  • На мэдалі таксама зьмяшчаецца надпіс: Crux Sancti Patris Benedicti (Крыж Сьвятога Айца Бэнэдыкта).
  • Ля ног сьвятога знаходзяцца крумкач ​​і мітра, сымбаль улады манаскага абата.

Рэверс мэдальёну зьмяшчае:

  • Крыж па цэнтру і літары: CSPB — разьмешчаныя ў чатырох палях, падзеленых крыжам. Літары складаюцца са скарачэньня словаў Crux Sancti Patris Benedicti (Крыж Сьвятога Айца Бэнэдыкта).
  • Над крыжам — манаграма Езуса “IHS” (грэц.: IHΣΟΥΣ) альбо крыжык.
  • На вэртыкальнай бэльцы крыжа напісаны літары: CSSML, што азначае: Crux Sacra Sit Mihi Lux (Крыж Сьвяты няхай будзе мне сьвятлом), а на гарызантальнай бэльцы літары „NDSMD“, якія азначаюць Non Draco Sit Mihi Dux (Няхай цмок (маецца на ўвазе злы дух) нябудзе маім правадыром).
  • З правага баку мэдальёну напісаны літары VRSNSMV — SMQLIVB. Гэтая абрэвіятура азначае: “Vade Retro Satana, Numquam Suade Mihi Vana – Sunt Mala Quae Libas, Ipse Venena Bibas” (Ідзі прэч (адыдзі), сатана, не спакушай мяне да марнасьці. Злое ты прапануеш, сам пі атруту). 

 

Зьмены выявы Сьвятога Бэнэдыкта на мэдальёных. Першая мэдаль – першапачатковага ўзору. Другая – пераходная, трэцяя – новага ўзору.

 

Зьмены выявы крыжа Сьвятога Бэнэдыкта. Першая мэдаль – клясычная з “IHB”, другая – пераходная з “IHB” і “PAX”, трэцяя – новага ўзору з “PAX”.


Новы ўзор мэдальёну

У 1880 годзе, калі адзначалася 1400-годзьдзе з дня нараджэньня сьвятога Бэнэдыкта, зьявілася новая вэрсія Крыжа, якая нязначна адрозьніваецца ад апісаньня, пададзенага ў брэвэ папы Бэнэдыкта XIV.

Так, на авэрсе зьявіўся келіх са зьмяёй, якая зь яго выпаўзае, пад кнігаю — воран побач з боханам хлеба, а за сьвятым Бэнэдыктам — штосьці накшталт алтара. Новыя элемэнты сымбалізуюць матывы з жыцьця сьвятога. Вакол выяваў зьмешчаны надпіс на лацінскай мове: Eius in obitu nostro praesentia muniamur (Няхай яго прысутнасьць абараняе нас у хвіліну адыходу (сьмерці)).

Рэвэрс быў графічна перапрацаваны з захаваньнем усіх скарачэньняў. Толькі манаграма Езуса IHS была заменена лацінскім словам PAX — «супакой», што зьяўляецца разам з заклікам Ora et labora — «Маліся і працуй» — адным з дэвізаў ордэна бэнэдыктынаў. Такую замену тлумачаць тым, што ў тэксьце экзарцызму няма непасрэднага звароту да Хрыста, з-за чаго Яго манаграма абавязкова павінна была б прысутнічаць на Крыжы сьвятога Бэнэдыкта.

Успамін

Літургічнае сьвята сьвятога Бэнэдыкта Нурсійскага адзначаецца ў каталіцкай, англіканскай і эвангельскай цэрквах 11 ліпеня ў памяць аб перанясеньні рэліквій з Монтэ-Касына ў абацтва Флеры (11 ліпеня 673 г.). Гэтае штогадовае сьвята было ўстаноўлена Паўлам VI

Што пачытаць

 

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Мэдалікі да Юбілейнага Году 1625

Сьвяты 1625 год быў абвешчаны папам Урбанасам VIII 24 сьнежня 1624 г. і працягваўся да 24 сьнежня 1625 г. У Каталіцкім Касьцёле з 1475 г. ко...