четверг, 18 июля 2024 г.

Сьвяты Караль (Карла) Барамэй, біскуп

 Карла Барамэа, або Карл (Караль) Барамэй (італ.: Carlo Borromeo, лац.: Carolus Borromeus) — кардынал і сьвяты каталіцкай царквы. Адзін з самых выдатных дзеячаў Контррэфармацыі, ініцыятар рэформы манаскіх ордэнаў.

Нарадзіўся 2 кастрычніка 1538 г. на поўначы Італіі ў сям’і графа Барамэа. У 14 гадоў распачаў вывучаць права ў Падуанскім унівэрсытэце і пасьля заканчэньня вучобы атрымаў ступень доктара. Калі дзядзька Караля кардынал Медычы быў абраны Папам Піем IV, ён прызначыў свайго 22-гадовага пляменьніка кардыналам-дыяканам і сваёю даверанаю асобаю, а таксама даручыў яго апецы Міланскую архідыяцэзію.

XVII ст. Карла Барамэй. Надпіс — S CAROLUS BO. З іншага боку — манаграма Езуса Хрыста IHS. Памер: 26*18 мм. З калекцыі Руслана Равякі

У той час Караль не меў ані тэалягічнай адукацыі, ані сьвятарскага пасьвячэньня. З 1554 вывучаў права ў Павіі. Быў закліканы ў Рым Піем IV. У 1560 стаў кардыналам, у 1563 — архібіскупам міланскім.

У 1566 г. Караль нарэшце перабраўся ў сваю дыяцэзію са сталіцай у Мілане.

На працягу двух наступных дзесяцігодзьдзяў ён разгарнуў актыўную дзейнасьць і набыў вялікі аўтарытэт у вачах духавенства і эпіскапату. Караль Барамэй аддаваў усе свае сілы, узьнімаючы дыяцэзію з заняпаду і ажыўляючы рэлігійнасьць вернікаў: засноўваў духоўныя сэмінарыі, праводзіў шматлікія сыноды, падтрымліваў місыянерскую дзейнасьць кляштараў. Падчас працяглай эпідэміі чумы Караль Барамэй сам клапаціўся пра хворых і паміраючых, жывучы амаль выключна на хлебе і вадзе.

У 1578 годзе заснаваў ордэн аблатаў Сьв. Амвросія. Прыняў актыўны ўдзел у распрацоўцы набажэнскіх кніг амврасіянскага абраду. Змагаўся з пратэстанцтвам у Швэйцарыі. Карла Барамеа быў таксама заступнікам кампазытара Палестрыны.

Адзін з першых ён увёў у сваёй дыяцэзіі рэформы Трыдэнцкага Сабору, даўшы прыклад разважлівага іх прымяненьня іншым герархам. Браў удзел у распрацоўцы новага катэхізіса. Высока шанаваў багаслоўскія трактаты Луіса дэ Гранады, прасіў перад Папам пра іх апраўданьне (яны былі ўнесены ў Індэкс забароненых кніг, 1559).

Зьнясілены самаахвярным служэньнем, памёр 3 лістапада 1584 г. у Мілане, маючы толькі 46 гадоў. У яго пахаваньні бралі ўдзел натоўпы вернікаў, якія шчыра аплаквалі свайго пастыра.

Караль Барамэй быў пахаваны ў міланскай катэдры, дзе яго рэліквіі спачываюць да сёньняшняга дня. 

Прызнаньне

У 1602 быў бэатыфікаваны, у 1610 — кананізаваны. Гэта адзіны кардынал-пляменьнік, прылічаны да ліку сьвятых (калі не лічыць Ансельма з Лукі, які жыў у XI стагодзьдзі).

Мэдалік да Юбілейнага Году 1625 / Сьвяты Караль Барамэя
Мэдалік да Юбілейнага 1625 году. Рым. З другога боку – Сьвяты Караль Барамэй. Дыяметр: 19*14 мм без вушка. З калекцыі Руслана Равякі.

 

Заступніцтва

Сьвяты зьяўляецца апекуном душпастыраў і сэмінарыстаў, у яго просяць паратунку ад заразы. Таварыства імя сьв. Караля Барамэя займаецца распаўсюдам рэлігійнай літаратуры.

Успамін

Успамін: 4 лістапада

Іканаграфія

У іканаграфіі ён адлюстроўваецца ў кардынальскім ці біскупскім адзеньні, часам у сцэне ўдзяленьня першай сьвятой Камуніі Алаізію Ганзага ў 1580 годзе.

Беларускія абразы

Творы з выявай сьв. Карла Барамэа шырока прадстаўлены ў заходнеэўрапейскім мастацтве, аднак у касьцёлах Беларусі такія абразы зафіксаваны толькі двойчы. Найбольш значным зьяўляецца абраз з Ашмянскага раёну Гарадзенскай вобласьці.

Сьвяты прадстаўлены ў кардынальскім аблачэньні, укленчаным перад амбонам у саборы з магутнымі калёнамі. Яго правая рука прыціснутая да грудзей, позірк скіраваны на расьпяцце, якое Карла трымае ў левай руцэ. Гэтай жа рукой ён абапіраецца на столік, дзе ляжаць раскрытая кніга і кардынальская шляпа. З верхняга левага вуглу, дзе знаходзяцца выявы анёлкаў на аблоках, на Карла Барамэа сыходзіць залацістае ззяньне.

Беларускія храмы ў гонар Карла Барамэа

8 верасня 1884 года у Пружанах новы касьцёл быў асьвечаны пад тытулам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, сьв. Ганны і Сьв. Карла Барамэа. Касьцёл існуе дагэтуль.

У Пінску таксама існаваў касьцёл Сьвятога Карла Барамэа. Гэты храм быў пабудаваны ў 1782 годзе. Дадзены касьцёл зусім невялікі, але пры гэтым яго зьнешні выгляд дзівіць сваёй манумэнтальнасцю і надоўга адкладаецца ў памяці турыстаў і падарожнікаў. У наш час у выдатна адрэстаўраваным будынку гэтага храма разьмяшчаецца канцэртная заля.

Літаратура

Рэдкія сюжэты ў іканапісу Беларусі (частка 6)

 

 

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Мэдалікі да Юбілейнага Году 1625

Сьвяты 1625 год быў абвешчаны папам Урбанасам VIII 24 сьнежня 1624 г. і працягваўся да 24 сьнежня 1625 г. У Каталіцкім Касьцёле з 1475 г. ко...