суббота, 9 ноября 2024 г.

Мэдалікі да Юбілейнага Году 1625

Сьвяты 1625 год быў абвешчаны папам Урбанасам VIII 24 сьнежня 1624 г. і працягваўся да 24 сьнежня 1625 г. У Каталіцкім Касьцёле з 1475 г. кожныя 25 гадоў абвяшчаецца Юбілейны год, які сымбалізуе час асаблівай Божай ласкі. Адным з сымбаляў, які адкрывае такі год, зьяўляецца адкрыцьцё Папам “Сьвятых дзьвярэй” у базыліцы сьвятога Пятра ў Рыме. 

Да такіх падзеяў выбіваліся адмысловыя мэдалікі. 

Юбілейны год 162 мэдалік Караль Барамэя
Мэдальён паказвае сымбаль адчыненых «Сьвятых дзьвярэй» на авэрсе са сьвятымі Пятром і Паўлам, якія стаяць па баках. Унізе стаіць дата «1625». На рэвэрсе – Сьвяты Караль Барамэя.  Надпіс ROMA (Рым). Дыямэтар: 19*14 мм без вушка. З калекцыі Руслана Равякі.


Мэдальён паказвае сымбаль адчыненых «Сьвятых дзьвярэй» на авэрсе са сьвятымі Пятром і Паўлам, якія стаяць па баках. Унізе стаіць дата «1625». На рэвэрсе – Езус Хрыстус нясе крыж і надпіс TOL CRVC SVA. Здымак: lamoneta.it


Мэдальён паказвае сымбаль адчыненых «Сьвятых дзьвярэй» на авэрсе са сьвятымі Пятром і Паўлам, якія стаяць па баках. Унізе стаіць дата «1625». На рэвэрсе – Сьвяты Караль Барамэя. Здымак: lamoneta.it

 

Юбілейны ці Сьвяты Год

Каталіцкі Касьцёл пачаў традыцыю Сьвятога Году з пантыфікатам Баніфацыюса VIII у 1300 годзе. У рымскія базылікі сьв. Пятра і сьв. Паўла за мурамі тады прыбыло 300 тысяч пілігрымаў. Папа хацеў, каб Юбілейны Год сьвяткаваўся праз кожныя 100 гадоў. Але з 1343 году пэрыяд зьменшыўся да 50-ці (як у Старым Запавеце), з 1389 — да 33-х гадоў (узрост Хрыста), а з 1475 году яго пачалі абвяшчаць праз 25 гадоў, каб кожнае пакаленьне адзін раз магло перажыць юбілей.

Юбілейны Год не адбыўся толькі ў 1800 годзе, калі пасьля сьмерці папы Піюса VI у францускай няволі ў жніўні 1799 году новы папа Піюс VII быў абраны ў сакавіку 1800 году, а ў Рым змог прыехаць у ліпені.

У ХХ ст. да звычайных Сьвятых Гадоў дадаліся яшчэ Надзвычайныя Юбілеі: 1933 і 1983 гады, абвешчаныя з нагоды 1900 і 1950 гадавіны збаўленьня. 

У асаблівых выпадках Папа мае магчымасьць абвясьціць Надзвычайны Юбілей (як гэта было ў 2016 годзе, калі Папа Францішак абвясьціў 2016 год Надзвычайным Юбілеем Божай Міласэрнасьці).

Апошні чарговы юбілей адзначаўся ў 2000 годзе як Вялікі Юбілей 2000-га году другога тысячагодзьдзя прышэсьця Хрыста ў сьвет. Наступны цыклічны юбілей прыпадае на 2025 год. 





вторник, 22 октября 2024 г.

Францішак Паольскі

Сьвяты Францішак Паольскі ці Францішак з Паолы (па-італьянску: Francesco di Paola; 27 сакавіка 1416, Паоля, Італія — 2 красавіка 1507) — каталіцкі сьвяты, пустэльнік, заснавальнік ордэну мінімаў. Дзень памяці ў Каталіцкай Царкве — 2 красавіка.

Сьцьвярджаецца, што ў дзяцінстве ён пакутаваў ад пухліны на воку. Пасьля таго, як бацькі далі зарок, што ў выпадку выздараўленьня іх сын як мінімум год правядзе паслушнікам у францысканскім кляштары, Францыск ачуняў. З дзяцінства Францішак вызначаўся глыбокай пабожнасьцю і дабрачэснасьцю. У 13-гадовым узросьце ў мэтах выкананьня бацькоўскага зароку правёў год у манастыры, дзе яго жаданьне стаць манахам ўзмацнілася. Калі тэрмін знаходжаньня ў манастыры завяршыўся, зьдзейсьніў разам з бацькамі паломніцтва ў Асізі. Вярнуўшыся ў Паолю, пастанавіў стаць пустэльнікам і пайшоў у пячору, разьмешчаную ў бязьлюднай мясцовасьці, дзе жыў у малітве і адзіноце каля 6 гадоў.

 

Францішак з Паолы (1416-1507) і Ірына Партугальская (635-653). З калекцыі Руслана Равякі
Францішак з Паолы (1416-1507) і Ірына Партугальская (635-653). З калекцыі Руслана Равякі

Прыкладна ў 1435 годзе да яго далучыліся два паплечнікі, пасьля чаго Францыск заснаваў рух, які атрымаў назву «пустэльнікі сьвятога Францішка Асіскага». Колькасьць яго вучняў пастаянна павялічвалася, Францыск і яго пасьлядоўнікі заснавалі кляштар ў Патэрна ў 1444 годзе і ў Мілаца (Сыцылія) у 1469 годзе.

У 1471 годзе дзейнасьць пустэльніцкай парафіі знайшла падтрымку ў арцыбіскупа Казенца, які выказаў ёй адабрэньне. У 1474 годзе папа Сыкст IV зацьвердзіў новы жабрацкі манаскі ордэн пад назвай «Кангрэгацыя эрэмітаў брата Францішка з Паолы».

Доўгі час новы ордэн не меў пастаяннага імя, яго чальцоў называлі «эрэміты брата Францішка», «добрыя людзі» і т.д. У Гішпаніі братоў спачатку называлі «бацькамі перамогі», з-за таго, што, паводле паданьня, Францішак з Паолы прадказаў каралю Фэрдынанду V перамогу над маўрамі пад Малягай. У 1493 годзе папа Аляксандар VI у Буле Meritis religiosae vitae прысвоіў ордэну назву «Эрэміты ордэну мінімаў» і з гэтага часу пустэльнікі сьвятога Францішка Паольскага вядомыя пад імем мінімы або мініміты. Новая назва ордэну была зацьверджана Папам Аляксандрам VI.

У 1483 годзе кароль Францыі Людовік ХІ, які цяжка хварэў, за 4 месяцы да сваёй сьмерці, запрасіў Сьвятога Францішка з Паолы ў Францыю, у свой замак Плесі-ля-Тур. Сьвяты Францішак духоўна настаўляў караля і быў з ім у момант яго сьмерці. Пераемнік Людовіка Карл VIII таксама высока цаніў сьвятасьць і мудрасьць Францішка, раіўся з ім і заснаваў для мінімаў два кляштары — каля Плесі-ля-Тур і ў Рыме, на ўзгорку Пінча. Сярод людзей, якія сталі пасьлядоўнікамі Францішка, быў і Ян Стандонк, заснавальнік каледжу Мантэгю.

Пасьля таго, як кароль Карл памёр і на трон узышоў Людовік XII, Сьвяты Францішак хацеў вярнуцца ў Італію, але новы кароль не дазволіў, паколькі хацеў, каб Сьвяты дапамагаў яму парадамі, як і папярэднікам. Апошнія гады жыцьця манаха прайшлі ў Плесі, у апошнія месяцы перад сьмерцю ён даваў вучням навучаньні і парады па кіраваньні ордэнам. Памёр 2 красавіка 1507 года, праз тыдзень пасьля свайго 91-годдзя.

У 1562 годзе падчас рэлігійных войнаў у Францыі гугеноты захапілі кляштар у Плесі, дасталі цела Францыска з магілы і выявілі яго нятленным. Гугеноты спалілі парэшткі і раскідалі косткі па манастыры. Пасьля частка костак была падабрана каталікамі і разьмеркавана па кляштарах ордэну мінімаў.

Іканаграфія

У іканаграфіі малюецца, як правіла, у вобразе глыбокага старца ў манаскім адзеньні з кіем. Францыск з Паолы шануецца заступнікам ордэну мінімаў, маракоў, гораду Паоля і ўсёй Калябрыі.

Памяць у Каталіцкай Царкве — 2 красавіка.

 

 

воскресенье, 13 октября 2024 г.

Жыровіцкая Божая Маці

3ьяўленьне Жыровіцкага абраза Маці Божай на жыровіцкай зямлі папярэдзіў цуд. У 1470 г. пастушкі, якія пасьвілі ў лесе жывёлу ўбачылі аднойчы на дзікай грушцы нейкі прадмет, ад якога ва ўсе бакі разыходзіліся ясныя прамяні. Гэта быў маленькі абразок Маці Божай, які зьзяў незвычайным бляскам. Хлопчыкі забралі яго і занесьлі да свайго пана — літоўскага падскарбія Аляксандра Солтана, які загадаў пабудаваць на тым месцы драўляную сьвятыню. Слава цудоўнага абраза пачала прыцягваць да Жыровічаў вялікую колькасьць набожнага люду.

МБ Жыроцікая Сьв. Васль
Сьвяты Васіль Вялікі S. BASILIVS MAGMVS / МБ Жыровіцкая Надпісы: Зправа: ΝΡ-υγ, зьлева: 1Σ-ΧΣ, абапал: ЧΕΣΤΝ+ΗΙΙΙΟΥЮ ΧΕΡΟΥБІΜΥ ΗΣΥЛАΒΝ+ΗΙΙΙΟΥЮ ΒΟΗΣΤΙΝΝΟΥ ΣΕΡΑ
Празь некалькі дзясяткаў гадоў маленькая драўляная каплічка раптам згарэла — на вачах уражаных жыхароў над алтаром абвалілася столь і абраз зьнік у агні. Пазьней, каля папялішча дзеці заўважылі Панну незвычайнай прыгажосьці, акружаную яснымі промнямі. Калі на гэтае месца прыйшлі сьвятары, яны знайшлі на камяні некрануты цудоўны абраз, перад якім палілася сьвечка.

 

Бронзавы мэдалік XVII ст. Бласлаўлёны Язафат Кунцэвіч (яшчэ не прызнаны сьвятым, хутчэй за ўсё выбіты ў гонар бэатыфікацыі ў 1642) / МБ Жыровіцкая Надпісы: Зправа: ΝΡ-υγ, зьлева: 1Σ-ΧΣ, абапал: ЧΕΣΤΝ+ΗΙΙΙΟΥЮ ΧΕΡΟΥБІΜΥ ΗΣΥЛАΒΝ+ΗΙΙΙΟΥЮ ΒΟΗΣΤΙΝΝΟΥ ΣΕΡΑ

У часы Рэфармацыі, якая ігнаравала Багародзіцу, культ жыровіцкага абраза амаль не пашыраўся. У 1613 г. тагачасны ўладальнік Жыровічаў, Ян Мялешка пабудаваў тут мураваную сьвятыню і кляштар і запрасіў да працы базыліянаў. Першым прыорам кляштару быў Язафат Кунцэвіч. Разьмешчаныя на мяжы Літвы, Русі і Кароны, Жыровічы маглі аб’ядноўваць вернікаў, што ўслаўлялі Маці Божую, і стваралі адну хрысьціянскую сям’ю. Шматлікія цудоўныя аздараўленьні невылечна хворых і іншыя незвычайныя цуды, якія адбываліся тут, прыцягвалі да сьвятога месца тысячныя натоўпы, таму слава мястэчка пашыралася далёка за межы краіны. Жыровічы ня ведалі непаразуменьняў і нянавісьці: панавала адзіная вера, якая яднала розныя канфэсіі.

19 верасьня 1730 году адбылася каранацыя Жыровіцкай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі. Гэта было сьвята Раства Багародзіцы па юліянскім календары, а розьніца паміж календарамі юліянскім і грыгарыянскім складала ў XVIII стагодзьдзі 11 дзён. Папам Рымскім быў тады Клімэнт XII, але рашэньне «ўзлажыць на галаву Богадзіцяці Ісуса і багародзіцы Дзевы ў Жыровіцах у царкве айцоў ордэна Сьв. Васіля, Кіеўскага дыяцэза, залатыя кароны» было прынята яшчэ ў 1726 годзе, у час пантыфікату Папы Бэнэдыкта XIII. Княгіня Ганна Сангушка ахвяравала Маці Божай дзьве залатыя кароны, аздобленыя каштоўнымі камянямі.

У 1839 г. царскім указам сьвятыня з абразам Маці Божай Жыровіцкай былі перададзена праваслаўнай Царкве.

Іншыя мэдалікі з выявамі Маці Божай

четверг, 26 сентября 2024 г.

Бялыніцкая Божая Маці

 

Абраз Маці Божай Бялыніцкай называлі Беларуская Чэнстахова. Ён быў папулярны, як у католікаў, так і ў праваслаўных.

Цікавая гісторыя каранаткі (мэдальёну выбітага ў гонар каранацыі) Маці Божай Бялыніцкай. Мэдальёны былі выбітыя ў Рыме ў 1756 годзе, адразу пасьля таго, як папа Бэнэдыкт XIV даў згоду на каранацыю абраза.

Каранатка ў гонар МБ Бялыніцкай, выбітая ў Рыме ў 1756 годзе. МБ Бялыніцкая і сьв. Ільля.
Каранатка ў гонар МБ Бялыніцкай, выбітая ў Рыме ў 1756 годзе.
МБ Бялыніцкая і сьв. Ільля.
На адным баку мэдальёну была паясная выява Маці Божай з Дзіцяткам на левай руцэ і жазлом у правай руцэ – зьверху і зьнізу падзяляе надпіс-аблямоўку, галовы з каронамі акружаны промнямі, а Маці Божая пакрыта вэлюмам, Дзіцятка трымае глобус у левай руцэ. – надпіс D.V. Bialynic. A. – BEN. XIV. C. A. D. 1756.

На іншым баку: Сьвяты Ільля ва ўвесь рост з пальмаю ў правай руцэ, вакол галавы німб, з правага боку дрэўца – надпіс: S. ELIAS – PR. O. F. O. CAR. (Pater ordinis fratrum de Carmelo o).

Аднак каранацыя адбылася толькі 20 верасьня 1761 г. Каранатарам быў Юры Мікалай Гільзен, біскуп смаленскі. Кароны асьвечаныя папам Бэнэдыктам ХІV, набытыя на ахвяраваньні вернікаў. Найвялікшы ўклад зрабілі Міхал Радзівіл, ваявода віленскі, гетман вялікі літоўскі, і Ігнацы Агінскі, маршалак вялікі літоўскі, з жонкаю Аленаю. 

Каранатка ў гонар МБ Бялыніцкай, выбітая ў Рыме ў 1756 годзе. S.G.М. Божая з Дзіцяткам як на папярэдняй, укаранаваныя галовы акружае німб з промнямі ўнутр, надпіс у аблямоўцы: D.V. Bialy – NICENSIS. S.O. На пастамэнце галава з каронаю – надпіс у аблямоўцы: Regnvm in – manv ejvs, у прамежку ROMA.
Каранатка ў гонар МБ Бялыніцкай, выбітая ў Рыме ў 1756 годзе. S.G.М. Божая з Дзіцяткам як на папярэдняй, укаранаваныя галовы акружае німб з промнямі ўнутр, надпіс у аблямоўцы: D.V. Bialy – NICENSIS. S.O. На пастамэнце галава з каронаю – надпіс у аблямоўцы: Regnvm in – manv ejvs, у прамежку ROMA.

У 1876 г. акупацыйныя расейскія ўлады забралі касьцёл і ўсталявалі ў яго мурах праваслаўную царкву. Абраз Маці Божай захаваў апошні пробашч кс. Гадлеўскі. Магчыма, ужо тады гэта не быў арыгінал, бо ёсьць меркаваньні, што пасьля задушэньня вызвольнага паўстаньня 1863 г. абраз схавалі. Далейшы яго лёс невядомы.

У 1995 годзе падчас аднаўленьня касьцёлу ў Новай Мышы (Баранавіцкі раён) пад фарбамі іншага абраза знайшлі вельмі дакладную копію Бялыніцкай Божай Маці. Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што гэта арыгінал, які схавалі такім чынам. Бо навошта было хаваць копію абраза?

Магілёўскі мэдалік

У магілёўскім рэгіёне вельмі папулярны быў мэдальён з выявай Маці Божай Бялыніцкай і сьвятым Антоніям, які лічыўся абаронцай Магілёву.

Касьцёл сьвятога Антонія, што знаходзіўся на беразе Дняпра, меў шырокую вядомасьць у навакольлі, дзякуючы цудатворнаму абразу сьвятого Антонія. Абраз зьнік з Магілёву падчас Другой сусьветнай вайны.

 

Бронзавы мэдалік «Matka Boska Białynicka módl się za nami» / «S. Antoni Mohiłowski przyczyn się za nami». Здымак з Магілёўскага музэя. ХІХ ст.
Бронзавы мэдалік «Matka Boska Białynicka módl się za nami» / «S. Antoni Mohiłowski przyczyn się za nami». Здымак з Магілёўскага музэя. ХІХ ст.

На адным баку яго выява абраза Маці Божай Бялыніцкай і надпіс: “Matka Boska Białynicka módl się za nami”. На другім – выява абраза сьвятога Антонія, які кленчыць перад алтаром, на якім ляжыць раскрытая кніга, а вышэй ў аблоках – дзіцятка Езус (апошні прыжыцьцёвы цуд сьвятога ў Кампасамп’ера). У аблямоўцы – “S. Antoni Mohiłowski przyczyn się za nami”.

Срэбраны мэдалік «Matka Boska Białynicka módl się za nami» / «S. Antoni Mohiłowski przyczyn się za nami»
Срэбраны мэдалік «Matka Boska Białynicka módl się za nami» / «S. Antoni Mohiłowski przyczyn się za nami»
 

Мэдалікі выбівалі вялікімі накладамі з срэбра, латуні і цынку. Аднак іх засталося не так і шмат, таму што часта такія мэдальёны клалі ў труну нябожчыку.

Іншыя мэдалікі МБ Бялыніцкай

Бронзавы мэдалік «N.P. Białynicka». ХІХ ст. Адваротны бок невядомы. 2,8*2 см. Са збораў расейскага Музэя гісторыі рэлігіі.

Хутчэй за ўсё гэта мэдалік, які намаляваны ў каталёгу Рэвальвінскага:

S.G. МБ без німба – надпіс у аблямоўцы з правага боку: N.P. BiaŁynicka. S.O. Езус, які нясе крыж управа – у аблямоўцы: P. – JEZUS NA –ŚNIPISZKACH W WILNIE.
S.G. МБ без німба – надпіс у аблямоўцы з правага боку: N.P. BiaŁynicka. S.O. Езус, які нясе крыж управа – у аблямоўцы: P. – JEZUS NA –ŚNIPISZKACH W WILNIE.

 

Праваслаўныя мэдалікі Маці Божай Бялыніцкай

Срэбраны праваслаўны мэдальён з абразам Маці Божай Бялыніцкай (обр. Бълыничской Б.М) і выявай сьвятога Мікалая, ХІХ ст.
Срэбраны праваслаўны мэдальён з абразам Маці Божай Бялыніцкай (обр. Бълыничской Б.М) і выявай сьвятога Мікалая, ХІХ ст.

 
Срэбраны праваслаўны мэдальён з абразам Маці Божай Бялыніцкай (об. Бълыничской Б.Мат.) і выявай сьвятога Мікалая, ХІХ ст.
Срэбраны праваслаўны мэдальён з абразам Маці Божай Бялыніцкай (об. Бълыничской Б.Мат.) і выявай сьвятога Мікалая, ХІХ ст.

Срэбраны праваслаўны мэдальён з абразам Маці Божай Бялыніцкай (Бълыничской Бож.М.) і выявай сьвятога Мікалая, ХІХ ст.
Срэбраны праваслаўны мэдальён з абразам Маці Божай Бялыніцкай (Бълыничской Бож.М.) і выявай сьвятога Мікалая, ХІХ ст.  

 
Срэбраны праваслаўны мэдальён з абразам Маці Божай Бялыніцкай (Бълыничская Б.М.) і выявай праваслаўнага крыжа з надпісам «ІС ХС»
Срэбраны праваслаўны мэдальён з абразам Маці Божай Бялыніцкай (Бълыничская Б.М.) і выявай праваслаўнага крыжа з надпісам «ІС ХС»  

 Іншыя мэдалікі з выявамі Маці Божай


 

 

вторник, 17 сентября 2024 г.

Ян Боска

 

Ян Боска (16 жніўня 1815— 31 студзеня 1888, Турын) — каталіцкі сьвяты, сьвятар, пэдагог, пісьменьнік і журналіст.

Мэдальён з выявамі сьв. Яна Боска і цудоўнага абразу Маці Божай у Ружанастоку (Беласточчына)
Мэдальён з выявамі сьв. Яна Боска і цудоўнага абразу Маці Божай у Ружанастоку (Беласточчына)
 

Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і ў Бекі недалёка ад Турыну, у італьянскай правінцыі П’емонт. Яго бацькі Франчэска Боска і Маргарыта Ак’ена пры хрышчэньні далі свайму малодшаму сыну два імя: Ян Мельхіёр. У сям’і Боска было ўжо двое старэйшых сыноў: Антоніа, сын Франчэска Боска ад першага шлюбу, і Джузэпэ, сын Франчэска і Маргарыты. Калі Яну было 2 гады, яго бацька памёр. Выхаваньнем дзяцей пачала займацца маці Маргарыта.

Скончыў сярэднюю школу, у 1835 годзе ён паступіў у сэмінарыю ў К’еры і праз шэсьць гадоў ён атрымаў сьвятарскае пасьвячэньне. Дэвіз, які ён абраў з нагоды пасьвячэння: «Da mihi animas cetera tolle» («Дай мне душы, а іншае вазьмі сабе»), затым стаў дэвізам усіх салезіянаў.

Пасьля пасьвячэння кс. Боско вывучаў становішча маладых людзей, якія жывуць у Турыне. Ён быў у жаху ад убачанага. Маладыя блукалі па вуліцах без працы і адукацыі. Многія зь іх, не маючы сродкаў на жыцьцё, ішлі па шляху злачынства. Кс. Боско вырашыў стварыць умовы, якія дапамогуць падрыхтаваць хлопцаў да годнага дарослага жыцьця.

У раёне Вальдоку заснаваў араторый — месца, дзе хлопцы маглі навучыцца чытаць і пісаць, харчавацца і праводзіць вольны час — адчуваць сябе, як дома. Вучыў іх маліцца і заклікаў часта прыступаць да сакрамэнту споведзі і сьвятой Камуніі. З часам кс. Боско зразумеў, што маладым людзям трэба месца, дзе яны маглі б атрымаць прафэсію. Такім чынам, ён заснаваў майстэрню краўца, потым — сталярную, затым — майстэрню па пераплёту кніг, і, нарэшце, сучасную друкарню.


У 1859 годзе ён заснаваў Таварыства Сьв. Францыска Сальскага — новую законную супольнасьць, якую звычайна называюць Салезіянамі ксяндза Боска. Таксама заснаваў супольнасьць Дачок Марыі Дапаможніцы разам са сьв. Марыяй Дамінікай Мадзарэла. Акрамя гэтага, быў заснавальнікам многіх шпіталяў, дамоў апекі і прафэсійных вучэльняў.

Памёр 31 студзеня 1888 году ва ўзросьце 73 гадоў.

Шанаваньне

Піюс XI бэатыфікаваў Яна Боску 2 чэрвеня 1929 году, а праз 5 гадоў, 1 красавіка 1934 году, кананізаваў яго.

У іканаграфіі прадстаўлены як сьвятар у ордэнскім адзеньні, часта — акружаны дзецьмі і падлеткамі.

Успамін 31 студзеня.

Салезіяне ў Беларусі

Араторый імя блл. мучанікаў з Познані (Дзятлава)

Парафія Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (Дзятлава)

Араторый імя сьв. Дамініка Савіо (Бараўляны)

Парафія Маці Божай Успамогі Хрысьціянаў (Бараўляны)

Парафія Свв. Ап. Пятра і Паўла (в. Жупраны)

Касьцёл Сьв. Яна Боско (Менск)

Парафія Сьв. Мацвея (в. Раўбічы)

Араторый Сьв. Яна Боско (Смаргонь)

 

Іншыя мэдалікі з выявамі сьвятых 

 

вторник, 10 сентября 2024 г.

Сьвяты Юзаф Каласанс

 

Сьвяты Юзаф Каласанс, Юзаф дэ Каласанс (па-гішпанску: José de Calasanz, 11 верасьня 1556 ці 1557 — 25 жніўня 1648) — каталіцкі сьвятар, заснавальнік Ордэну бедных рэгулярных хрысьціянскіх школ у імя Божай Маці (піяраў).

Выява Каралевы Пабожных школаў / Сьвяты Юзаф Каласанс
Выява Каралевы Пабожных школаў / Сьвяты Юзаф Каласанс — копія статуі Інацэнцыа Спінацы (1755 г., Рым, сабор сьв. Пятра, A 24), са зьмяненнем — правая рука паказвае не на кнігу, якую трымаюць вучні, а ўверх, на манаграму Марыі. Мэдальён выбіты ў 1767 годзе ў Рыме з нагоды кананізацыі сьв. Каласанса. З калекцыі Руслана Равякі

Нарадзіўся ў Гішпаніі, у мясцовасьці Перальта-дэ-ля-Саль, у Каралеўстве Арагон. Распачаў навучаньне ў калегіі ў Эстадзіла, пасьля вывучаў права і філязофію ва ўнівэрсытэце ў Лерыда. Працягваў навучаньне ў Валенсіі і Алькала-дэ-Генарэс.

У 1583 атрымаў сьвятарскае пасьвячэньне. Працаваў спачатку ў якасьці сакратара пры біскупе Каспара дэ ля Фігуэра, потым — як канонік Капітулы ва Ўргэлі, пробашч і эканом біскупа Андрэя Капіла.

Юзаф Каласанс
Сьвяты Юзаф Каласанс са студэнтамі (памятны мэдаль кананізацыі)
невядомы майстар (Рым), 1767 г.
Папа Клімэнт IX даў поўную індульгенцыю тым, хто трымае ў руках мэдальён, ружанец, крыж ці нешта падобнае, асьвячонае з гэтай нагоды. Таму загадаў ордэну піяраў у 4 жніўня 1767 г. дазвол блаславіць і раздаць 1000 мэдальёнаў (»facultatem benedicendi mille coronas, aut cruces, aut Sacra numismata, dum modo Non Sint Ex Ferro, stanno, Plumbo, vel ex fragili alia materia saeculis Consumeris”). Атрымаць адпуст могуць тыя, хто памоліцца на ружанцы або памоліцца Архангелу, прачытае жыцьцяпіс сьвятога, наведае сем цэркваў і г. д. (PMKL, Archivum Provinciae Hungariae Vetus, For. 35, Fasc. 2. No. 6/A).

Пасьля абароны доктарскай дысэртацыі ў галіне тэалёгіі ў 1592 годзе накіраваўся ў Рым. Яго мэтай было атрыманьне касьцельнага бэнэефіцыя. Аднак тут ён кардынальна зьмяняе свае пляны. Прычынай былі асабістыя, унутраныя перажываньні. Вандруючы па бедным гарадзкім раёне за Тыбрам, Каласанс сутыкнуўся з сумным лёсам дзяцей, якія не мелі магчымасьці вучыцца і лічыліся адкідамі грамадзтва. Каласанс вырашыў, што не вернецца ў Гішпанію, а зоймецца гэтымі дзецьмі.

У 1597 годзе ўзьнікла першая ў Эўропе бясплатная пачатковая школа, адчыненая для ўсіх, школа без абмежаваньняў, даступная для дзяцей розных веравызнаньняў, нацыянальнасьцяў і культур. Каласанс працаваў як настаўнік, выхавальнік, адміністратар. Да гэтай дзейнасьці далучаюцца неўзабаве многія людзі, яны разам ствараюць супольнасьць. Справа школаў разьвіваецца хутка і дынамічна — каралі, князі і мясцовыя рады зьвяртаюцца да Каласанса з просьбай прыслаць для працы братоў-манахаў. Школы ствараюцца ўжо не толькі ў Італіі ці Каралеўстве Нэапаль, але таксама на Сыцыліі, Маравіі, у Польшчы, ВКЛ, Гішпаніі, Нямеччыне.

Нарэшце, у 1617 годзе Юзаф Каласанс вырашыў заснаваць манаскую супольнасьць пад назвай Ордэн бедных рэгулярных хрысьціянскіх школ у імя Божай Маці. У 1621 годзе Папа Грыгорыюс XV павысіў кангрэгацыю да рангу ордэну з урачыстымі абяцаньнямі, а Юзаф стаў генэралам кангрэгацыі.

Апошнія гады жыцьця Каласанса былі сумнымі. Апостальская візытацыя (у выніку нявысьветленых да канца абставін) прывяла да скасаваньня ордэну. Памёр Юзаф Каласанс уноччы з 24 на 25 жніўня 1648 году. Праз 8 гадоў ордэн быў адноўлены.

Асновы навукі

Юзаф Каласанс увёў цалкам рэвалюцыйную сыстэму навукі. Ён меркаваў, што ў студэнта ёсьць свая годнасьць. Ён забараніў цялесныя пакараньні, заявіўшы, што настаўнікі павінны заахвочваць вучняў да атрыманьня ведаў. Ён засноўваў сваё навучаньне на тым, каб замест прымусу адносіцца да вучняў сардэчна і з цярпеньнем.

У 1610 годзе ён устанавіў, што пачатковая школа будзе мець чатыры ступені навучаньня і агулам восем клясаў, пранумараваных ад восьмага да першага, самага высокага:

  • першы этап, гэта значыць восьмы кляс у Каласантыя, называўся таксама клясам псалтыра. У ёй упершыню зьяўляліся кнігі, некалькі на цэлы кляс. Каласанс выкарыстоўваў некалькі тамоў, якія некалі выкарыстоўваліся царкоўнымі хорамі
  • другі этап, які называецца беглым чытаньнем, — гэта сёмы і шосты клясы
  • трэці этап — пятыя і чацьвёртыя клясы
  • чацьверты этап — трэція, другія і першыя клясы, прызначалася для вучняў, якія павінны былі працягваць навучаньне ў школе другой ступені; гэтыя заняткі былі прысьвечаны вывучэньню граматыкі.

Стваральнік агульнай школы

Лічыцца стваральнікам агульнай школы ў сучасным разуменьні гэтага слова — школы, даступнай кожнаму, бясплатнай школы, якая дае шырокія, скразныя, усебаковыя веды: «Юзаф Каласанс быў не толькі настаўнікам і не вёў сваю працу ў адзіночку, але заснаваў рэлігійны ордэн […] з канкрэтнай задачай, мэтай і харызмай выхаваньня, а таксама адукацыяй самых бедных, якія, на думку многіх, павінны заўсёды заставацца ў недасьведчанасьці, каб працягваць служыць, не пратэстуючы і не марачы аб абсурдным вызваленьні».

Яго падыход да прафэсіі настаўніка быў таксама рэфармацыйным — у школах, якія ён заснаваў, у асноўным выкладалі манахі-піяры, але падыход Каласанса да іх пакліканьня, з-за клопату пра дабрабыт студэнтаў, быў яшчэ больш адданым: “Калі піяр самаахвярна і горача не адмаўляецца ад усяго дзеля школы, навучаньня, выхаваньня вучняў, а калі не падрыхтуецца належным чынам на культурна-прафэсійным узроўні […], то ён не асьвячаецца, не зьяўляецца ні добрым настаўнікам, ні добрым манахам […] Недарэмна, акрамя абяцаньняў беднасьці, цнатлівасьці і паслухмянасьці, Каласанс таксама стварыў чацьвёртае абяцаньне — навучаньне, каб зьвязаць духоўнасьць піяраў з іх прафэсіяналізмам і асьвячэньне з выхаваўчай прыхільнасьцю самым моцным спосабам

Прызнаньне

У 1748 годзе Юзаф Каласанс быў бэатыфікаваны. У 1767 годзе Папа Клімэнт IX кананізаваў Каласанса.

У 1948 Папа Піюс XII абвяшчае яго «апекуном хрысьціянскіх агульнаадукацыйных школ ва ўсім сьвеце».

Яго дзень памяці ў Каталіцкай Царкве — 25 жніўня.

Іншыя мэдалікі з выявамі сьвятых

 

четверг, 29 августа 2024 г.

Каралева пабожных школаў

 

Абраз Маці Божай пабожных школаў ці Каралевы пабожных школаў зьвязаны за ордэнам піяраў. 

Выява Каралевы Пабожных школаў / Сьвяты Юзаф Каласанс
Выява Каралевы Пабожных школаў / Сьвяты Юзаф Каласанс – копія статуі Інацэнцыа Спінацы (1755 г., Рым, сабор сьв. Пятра, A 24), са зьмяненнем – правая рука паказвае не на кнігу, якую трымаюць вучні, а ўверх, на манаграму Марыі. Мэдальён выбіты ў 1767 годзе ў Рыме з нагоды кананізацыі сьв. Каласанса. З калекцыі Руслана Равякі
 

Выява таксама называецца Маці Божая Фраскаці, бо паходзіць з італьянскага гораду Фраскаці, дзе адчынілася першая па-за межамі Рыму Пабожная школа піяраў.

Гэтую выяву, выкананую з медзі, заснавальнік ордэну сьвяты Юзаф Каласанс атрымаў ад сям’і Баварэлі. Яна заставалася ў прыватным араторыі, які зьбіраўся штодня, каб маліцца на ружанцы каля яе ног. Набажэнства павольна распаўсюджвалася на незнаёмцаў, прыцягнутых ласкамі і цудамі, якімі Найсвяцейшая Маці адорвала тых, хто маліўся да яе. Сутыкнуўшыся з крадзяжом і наступным вяртаньнем абраза, Баварэлі вырашае падарыць выяву Юзафу Каласансу, каб яна магла быць выстаўлена для публічнага ўшанаваньня ў царкве.

Сьвяты Каласанц вырашыў перанесьці абраз у Фраскаці, зрабіўшы яго абаронцам Пабожных школ і жыхароў гораду. Гэта той самы вобраз, які пазьней будзе называцца Каралевай пабожных школ.

Насельніцтва Фраскаці ўдзячная цудоўную абразу за абарону горадау Паннай Марыяй падчас моцных землятрусаў, якія перасьледавалі рэгіён.

Згадваецца цуд, які прыпісваецца Каласансу, калі ён малітвай да Каралевы Пабожных школаў уваскрэсіў дзіця, што ўтапіла маці падчас сну.

Выява Каралевы Пабожных школаў / Манаграма ордэну піяраў
Выява Каралевы Пабожных школаў / Манаграма ордэну піяраў. З калекцыі Руслана Равякі

 Малітва да Каралевы Пабожных школаў

«Да Тваёй апекі і абароны аддаемся, Маці Божая, не пагарджай нашымі малітвамі і ад усякай небясьпекі, Дзева слаўная і Найсьвяцейшая, заўсёды барані дзяцей Тваіх. Амін».

Іншыя мэдалікі з выявамі Маці Божай

 

 

Мэдалікі да Юбілейнага Году 1625

Сьвяты 1625 год быў абвешчаны папам Урбанасам VIII 24 сьнежня 1624 г. і працягваўся да 24 сьнежня 1625 г. У Каталіцкім Касьцёле з 1475 г. ко...